среда, 8 октября 2014 г.









"Як стаць беларусам. Сто гісторый" -- новая кніга Севярына Квяткоўскага.

Спампаваць у фармаце PDF.

Зборнік маналогаў у жанры дакументальна-мастацкай прозы стаўся вынікам праекту, рэалізаванага на сайтах Budzma.org i Tut.by.

"Як стаць беларусам. Сто гісторый" -- гэта збор аповедаў людзей, якія ў розны час адкрылі адзін з бакоў свайго "я".

Праз праз пошук схаванага, праз любоў, праз пратэст, праз логіку і містыку, праз пачуццё справядлівасці і прагу хараства яны прыходзілі да важнасці ўсвядоміць сябе Кімсьці, і ў тым ліку -- беларусам.

Кніга аб'ядноўвае людзей самых розных узростаў і заняткаў. Ад земляроба да праграміста, ад інжынера да музыканта.



З вядомых асобаў у кнізе сярод іншых прадстаўленыя маналогі Уладзіміра Арлова, Сяргея Міхалка, Андрэя Кудзіненкі, Сяргея Дубаўца, Яўгена Калмыкова, Ганны Кісліцынай, Андрэя Курэйчыка,  Жаны Літвіной, Сяргея Харэўскага і Валянціна Акудовіча.

Магчыма, героі кнігі праз свае гісторыі дапамогуць камусьці ў размовах з роднымі, сябрамі, а нават незнаёмымі людзмі, якія задаюць пытанне: "Навошта ты гаворыш па-беларуску?", ці: "А што гэта значыць -- быць беларусам?".

А яшчэ гэта кніга людзей, якіх ад пачатку ХХІ ст. клічуць беларусацэнтрычнымі: яны глядзяць на сябе, сваю краіну і цэлы свет сваімі ўласнымі вачыма.


Валянцін Акудовіч:

-- У Беларусі і на пачатку ХХІ ст. кожны становіцца беларусам паасобку і да таго ж яшчэ праз супраціў дзяржаве, грамадству, школе, часам сям’і. Вось чаму пачуўшы пакліканне, чарговы абраннік Беларусі мусіць сам, “уласнымі рукамі” выштукоўваць з сябе беларуса.

Ён вучыць беларускую мову, заглыбляецца ў гісторыю, чытае літаратуру, шукае паплечнікаў. Мяркую, дзеля апошняга яму найперш і прыдасца дапаможнік “Як стаць беларусам”. Там іх, паплечнікаў, шмат, і ўсе яны ўжо маюць досвед перастварэння сябе ў беларуса. Гэта не можа не натхняць.

Кніга “Як стаць беларусам” яшчэ доўга будзе актуальнай у нашай краіне. Але менавіта таму яна патрэбная ўжо сёння.